на головну сторінку незалежний культурологічний часопис <Ї>

   www.ji-magazine.lviv.ua
 

Пётра Мурзёнак

Нацыя і свабода

Да 225-годдзя прыняцьця

 Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна”.

 

Свабода для нацыі - як глыток вады кожны дзень!

За свабоду нацыі трэба змагацца!

Свабодай нельга гандляваць!

 

УСТУП

Прынятая 26 жніўня 1789 г. падчас Французскай рэвалюцыі “Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна” гарантавала шэраг індывідуальных і палітычных свабод, грамадскую бясьпеку, падзел каралеўскай улады. У Дэкларацыі запісана (Арт. 4): “Свабода азначае магчымасьць чалавека рабіць усё, што не стварае праблем іншым людзям: так, ажыццяўленьне натуральных правоў кожнага чалавека абмяжоўваецца толькі магчымасьцю іншых грамадзян карыстацца тымі жа самымі правамі. Такія абмежаваньні вызначаюцца выключна законам”. Гэта палажэньне - добрая ілюстрацыя разуменьня свабоды ў сучасным грамадстве.

Гаворачы пра свабоду мы вольна ці міжволі зьвязываем яе з другімі вельмі блізкімі паняцьцямі, такімі як дэмакратыя і права. Прывядзём некалькі вызначэньняў, што ёсьць свабода: “адсутнасць падпарадкаванасьці замежнаму панаваньню або дэспатычнаму ўраду”; “права дзейнічаць, казаць ці думаць так як хто-небудзь хоча, без перашкод і абмежаваньняў”; “не быць у турме або ў рабстве”; “стан, у якім ня церпяць уздзеяньня канкрэтнай непажаданай рэчы”, і інш.

 

Свабода можа ўключаць некалькі чыньнікаў ці некалькі ўзроўняў, такіх як нацыянальная свабода, палітычныя свабоды і правы, грамадзянскія ці індывідуальныя свабоды і правы. Нацыянальная свабода – важнейшая частка свабоды, якая базуецца на жаданьні нацыі кіраваць самой у сваім краі; другімі словамі, нацыянальная свабода перш за ўсё прадугледжвае свабоду ад чужаземнага кантролю.

 

Грамадзянскія свабоды і правы ўключаюць у сябе права на жыцьцё, эканамічную свабоду, права на роўнасьць перад законам, права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, права выбіраць стыль жыцьця.

 

Палітычныя свабоды – гэта права на свабоду перакананьняў, права прымаць удзел у кіраваньні дзяржавай. Як відаць, свабод і правоў ёсьць многа, і чым большымі свабодамі і правамі карыстаецца чалавек, тым большы ўзровень развіцьця нацыі-дзяржавы, бо чалавек ад прыроды народжаны быць свабодным.

 

Свабода не заўжды была ўніверсальнай каштоўнасьцю. Можна мець нацыянальную свабоду без наяўнасьці ці пры абмежаванасьці палітычных і індывідуальных свабод (Ірак у часы С. Хусэйна) ці, напрыклад, як у Спарце, мець нацыянальную і палітычную свабоды без індывідуальнай свабоды. Відавочна, што ідэальным была б нацыя-дзяржава ў якой усе тры катэгорыі свабод былі б сбалансаваны і дзейнічалі разам.

 

Абмяркоўваючы сітуацыю з правамі і свабодамі ў сучасных, склаўшыхся нацыях-дзяржавах, трэба заўважыць, што няма краін з абсалютнымі свабодамі, заўжды якія-небудзь свабоды парушаюцца. Абмежаванасьць свабоды вынікае з прыроды існаваньня грамадстваў, якія прынялі мадэлі абмежаваньня многіх правоў і свабод з мэтай рэгуляваньня адносін паміж яго грамадзянамі. Пры гэтым, відаць, ня важна, якога прытрымлівацца пункту гледжаньня на прыроду чалавека ці людзей, якія складаюць гэта грамадства (G.N. Diem, 1998). Так, калі Т. Хобс (Thomas Hobbes, 1588-1679) бачыў чалавека эгаістычным, драпежным і эксплуататарскім, то іншы погляд на прыроду чалавека выказваў Дж. Лок (John Locke, 1632-1704), які ўяўляў людзей грамадства свабоднымі, роўнымі і без праяў агрэсіі аднаго чалавека ў адносінах да другога з выкарыстаньнем сілы, падману, альбо іншымі шляхамі.

 

Паводле Дж. Лока чалавек вымушаны дэлегаваць частку сваіх правоў дзяржаве, бо сам не можа забясьпечыць сваё існаваньне ў стане натуральнай свабоды, г.зн. уступае ў адносіны з дзяржавай, якія абмяжоўваюць яго свабоду. У такія ж узаемаадносіны ў грамадстве ўступае і чалавек ахарактарызаваны Т. Хобсам: чалавек дзейнічае, каб задаволіць свае апетыты, часам за кошт другіх, імкнучыся атрымаць уладу не дзеля ўлады, а для таго каб выкарыстаць яе і атрымаць вынікі, якія яго задавальняюць.

 

Такім чынам, у абедзьвюх мадэлях чалавек вымушаны ўступаць у сацыяльны кантракт з другімі людзьмі і з дзяржавай для ўтварэньня цывільнага грамадства. Як вынік, чалавек у цывільным грамадстве вымушаны абмяжоўваць стан натуральнай свабоды (па Локу) ці апетыты па задавальненьню сваіх карысных мэтаў (па Хобсу). Абсалютную свабоду магчыма ўявіць хіба толькі ў грамадстве без дзяржаў і межаў (анархія, камунізм).

“Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна”, прынятая 225 гадоў таму назад, аказала значны уплыў на прыняцьце многіх прававых дакументаў, што тычацца правоў і свабод, у прыватнасьці Канстытуцыі ЗША (1787), Канстытуцыі Рэчы Паспалітай (1791), “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека” (ААН, 1948). Цікава, што СССР, Беларусь, Украіна і некаторыя краіны-сатэліты пры прыняцьці “Ўсеагульнай дэкларацыі” ўстрымаліся і настойвалі на ўключэньні ў “дэкларацыю” толькі эканамічных і сацыяльных правоў, тады як заходнія краіны прапаноўвалі замацаваць у ёй грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды.

Якімі былі і ёсьць нацыянальная, палітычныя і індывідуальныя свабоды ў Беларусі? Які уплыў маюць палітычныя і індывідуальныя свабоды на праяўленьне нацыянальнай свабоды і ў якой меры яны могуць спрыяць нацыянальнаму будаўніцтву?

 

КАРОТКАЯ ПРАДГІСТОРЫЯ СВАБОД У БЕЛАРУСКІМ МІНУЛЫМ

 

Калі ўжываць тэрмін “індывідуальныя свабоды” да часоў Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай, то яны рэгуляваліся феадальнымі законамі. Гэтыя рэгулы мелі дачыненьне ў асноўным да адносінаў паміж самімі федаламі, бо просты люд быў несвабодным і бяспраўным. Большасьць людзей, што жылі з зямлі, як і паўсюль у Еўропе, былі прыгоннымі. У 14-15 ст. сяляне на беларускіх землях былі пазбаўлены ўласнасьці на зямлю, былі толькі землекарыстальнікамі, а зямлёй валодалі дзяржава, царква і феадалы.

На тэрыторыі Беларусі з 1588 года дзейнічаў статут ВКЛ, які замацоўваў феадальны грамадскі лад і  наяўнасць 2 асноўных класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Сялян можна было прадаваць, абменьваць, закладваць. Прыгоннае права ў такім выглядзе праіснавала на нашых землях амаль трыста гадоў. У гарадах людзі жылі крыху вальней. Амаль усе буйныя гарады Беларусі па волі феадалаў атрымалі да сярэдзіны 16 ст. магдэбургскае права: насельніцтва гарадоў вызвалялася ад павіннасьцяў, якія замяняліся грашовым падаткам. Магдэбургскае права спрыяла развіцьцю рамёслаў і гандлю.

Гісторыя парламентарызму і палітычных свабод на беларускіх землях істотна карацейшая ў параўнаньні, напрыклад, з Англіяй, дзе парламент, як пастаянна дзеючая ўстанова, аформіўся ў часы кіраваньня караля Эдуарда I (1272—1307 гг.), і дзе ў далейшым, падчас англійскай рэвалюцыі (1640—1660), былі закладзены асновы парламенцкага ладу, якія існуюць у Вялікабрытаніі да гэтага часу. Палітычны лад ВКЛ уяўляў сабой феадальную манархію на чале з вялікім князем, які ўзначальваў узброеныя сілы, аб’яўляў вайну, заключаў мір, мог уступаць у саюзы з іншымі дзяржавамі. У 14 ст. пры ім існавала вялікакняжацкая рада, якая мела дарадчыя функцыі.

Паводле Статута ВКЛ, улада ў краіне падзялялася на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды). Такім чынам, у другой палове 16 ст. ў ВКЛ склалася парламенцкая манархія. Статут дэклараваў удзел простых людзей ў выбраньні гаспадара, аднак іх не дапускалі ў сойм, а ўдзел у палітычным жыцьці, калі такі і быў, абмяжоўваўся мясцовымі справамі. Побач з законамі ВКЛ, дзейнічалі вышэйшыя законы Рэчы Паспалітай, канстытуцыйнай, саслоўнай манархіі, на чале з выбарным каралём. У сеймы Рэчы Паспалітай і ВКЛ праходзілі выбары.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая 3 мая 1791 года (была другім у сьвеце канстытуцыйным законам пасьля Канстытуцыі ЗША (1787) і першым у Еўропе), не пасьпела дзейнічаць, бо ў выніку трох раздзелаў (1772, 1793, 1795) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, сама Рэч Паспалітая перастала існаваць. Такім чынам, 220-240 год таму назад беларускія землі ўпершыню ў гісторыі трапілі пад расійскую акупацыю. Аднак, яшчэ доўга пасьля трэцяга раздзелу Рэчы Паспалітай на беларускіх землях (да 1840 г.) дзейнічалі некаторыя палажэньні Статута ВКЛ. На той час былі брутальна парушаны многія правы і свабоды па якіх жылі беларусы ў ВКЛ, і ў першую чаргу рэлігійныя свабоды і ўжываньне Мовы. Як вядома, уплыў каталіцызма на працягу двух стагоддзяў, пачынаючы з Берасьцейскай уніі (1596), прывёў да таго, што паступова амаль 75% беларускага насельніцтва сталі належаць да уніяцкай царквы. З акупацыяй Расіяй сучасных тэрыторый Беларусі, Польшчы і Украіны па рашэньню сінода ў Полацку (1839) уніяцкая царква ў Беларусі ў адзіны момант перастала існаваць і ўсе прыходы былі пераведзены ў праваслаўе. Пасьля трох паўстаньняў (1794, 1830-1831 і 1863), мэтай якіх было аднаўленьне Рэчы Паспалітай, беларусы былі пазбаўлены права ўжываць беларускую мову як у афіцыйных дакументах, так і ў сістэме адукацыі.

Па стану на 1860 год  большасьць насельніцтва Расіі складалі сяляне (49.5 с млн з 60.9 млн або 81%), з іх амаль палова (23 млн) былі прыгоннымі. На мінскіх, магілёўскіх, віцебскіх, смаленскіх землях прыгоннымі ў гэты час былі больш за 55% сялян.  Доля прыгонных сялян на гродненскіх і віленскіх землях была крыху меншай і вагалася паміж 35-55%. Цар Аляксандр ІІ падпісаў дэкрэт аб ліквідацыі прыгоннага права ў Расійскай імперыі 19 лютага 1861 г. , аднак, працэс вызваленьня рабоў, на самай справе, ішоў аж да канца 19 ст. Для параўнаньня, скандынаўскія краіны ніколі не мелі прыгоннага права. Англія адмяніла яго ў 1600 г., Францыя – ў 1789 г.  У большасьці еўрапейскіх краін прыгоннае права было адменена у канцы 19 ст.

Беларусы пад расійскай акупацыяй не ведалі і палітычных свабод. У  гарадах Расіі не было магдэбурскага права і мясцовага самакіраваньня, калі не лічыць Ноўгарадскае веча, дзейнасьць якога была спынена пасьля захопу Ноўгарадскага княства Масковіяй (цар Іван ІІІ, 1478). Да 1480 г. на працягу амаль трох стагоддзяў Масковія знаходзілася пад уплывам Залатой Арды, нават маскоўскія князі атрымоўвалі ад яе ярлык (дазвол) на кіраваньне сваімі землямі, гэта значыць зьбіралі са сваіх княстваў даніну для Залатой Арды ў абмен на дазволеную ўладу. Прынцыпы аўтарытарнага кіраўніцтва, панаваўшыя ў Залатой Ардзе, былі перанесены на Масковію. Парламентарызм прыйшоў у Расію вельмі позна. Першая дзяржаўная дума-парламент у Расіі, якая ператварыла самадзяржаўную Расію ў парламенцкую манархію, пачала працаваць у 1906 г. У Расіі ніколі не было свабоды ў сучасным разуменьні і гэта абумоўлена як гістарычнымі, персанальнымі, так і эканамічнымі умовамі. Павага да законаў і агульнапрынятых нормаў да гэтага часу не знаходзяць значнай падтрымкі як у кіраўніцтве, так і ў народа Расіі (Diligensky, Chugrov, 2000).

Такім чынам, узровень індывідуальных і палітычных свабод на тэрыторыі Беларусі ў канцы 19-га і пачатку 20-га стагоддзяў быў вельмі нізкім. У гэты ж перыяд толькі пачыналася зараджэньне беларускай нацыянальнай ідэі ў асяродках Санкт-Пецярбурга і Вільні і, відавочна, яно не магло моцна развівацца ва ўмовах прыгнечанасьці нацыянальных свабод у царскай Расіі.

Сучасная гісторыя беларускай дзяржаўнасьці і нацыянальнай свабоды вельмі кароткая – яна пачалася ў  сакавіку 1918 года з абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і са студзеня 1919 года -  з утварэньня БССР.  За мінулыя амаль 100 гадоў Беларусь стала дзяржавай, а была нікім – “Северо-Западным Краем”. Дзякуючы беларускаму нацыянальнаму руху, гістарычнаму моманту – рэвалюцыі 1917 года і сталінскім ідэям нацыяўтварэньня ў СССР, беларускаму адраджэньню 20-30-х і 90-х гадоў, беларусы паступова з этнаса ператвараюцца ў нацыю.

Ці адчувалі сябе беларусы на працягу апошніх дзесядзігоддзяў свабоднымі? Адказ будзе не суцяшальным. Беларускія сяляне жылі без прыгоннага права нядоўга. Рэвалюцыя 1917 года, якая праходзіла пад лозунгам “ Зямля – сялянам”, скончылася стварэньнем калгасаў, якія ўяўлялі сабой новую форму прыгоннага права. Вясковыя людзі былі бяспраўнымі і беззямельнымі. Сяляне заставаліся прыгоннымі-рабамі, бо не маглі з’ехаць з вёскі без дазволу; у СССР да 1974 г. 62.6 млн жыхароў вёскі старэй за 16 год (36% ад колькасьці ўсяго насельніцтва) ня мелі пашпартоў, а г.зн. не маглі свабодна перамяшчацца нават у межах Саюза. У савецкі перыяд фармальна дзейнічалі Канстытуцыі РСФСР (1918), СССР 1924 (з дапаўненьнямі ў 1927 г.), 1936, 1977 гадоў і Канстытуцыі БССР (1919, 1927, 1937, 1978, 1994), дэклараваўшых правы і свабоды.  Аднак, нават там былі выключэньні. Так, напрыклад, у Канстытуцыі БССР 1927 г. (Артыкул 71) быў шэраг абмежаваньняў выбарчых правоў для “чуждых элементов”:

Не избирают и не могут быть избранными, хотя бы они и входили в одну из перечисленных категорий: а) лица, прибегающие к наемному труду с целью извлечения прибыли; б) лица, живущие на нетрудовой доход, как-то: проценты с капитала, доходы с предприятий, поступления с имущества и т. п.; в) частные торговцы, торговые и коммерческие посредники; г) монахи и духовные служители религиозных культов всех исповеданий и толков; д) служащие и агенты бывшей полиции, отдельного корпуса жандармов и охранных отделений, члены царствовавшего в России дома, а также лица, руководившие деятельностью полиции, жандармерии и карательных органов; …”

Маючы гарантаваныя канстытуцыямі свабоды, людзі, якія пачыналі цікавіцца пытаньнямі нацыянальнай свабоды, плацілі за гэта жыцьцём ці высылкай у далёкія раёны,  дзе, як рабы, рылі “беламорканалы” і будавалі “днепрагэсы”.  Асноўная маса народу ніколі не мела ўласнасьці, што поўнасьцю выбіла з людзей ініцыятыўнасьць і адказнасьць за вырашэньне эканамічных і сацыяльных праблем сям’і. Адсутнасць права на ўласнасьць, эканамічных і палітычных свабод, прывялі да таго, што людзі звыкліся з кіруючай рольлю дзяржавы і адзінай партыі. Галасаваць хадзілі, бо баяліся пакараньня за няўдзел, выбіралі без выбару, бо не было альтэрнатыўных кандыдатаў, да таго ж на час выбараў у буфеты завозілі дэфіцытныя прадукты (напрыклад, мандарыны). Здавалася, што пасьля 1991 г., калі Беларусь стала свабоднай і незалежнай ад Расійскай імперыі, адбудуцца значныя перамены. І яны пачаліся, нават выбары першага Прэзідэнта краіны ўзрушылі і паднялі людзей. Ды атрымалася гістарычная памылка, зьмены не прыйшлі, усё засталося па-ранейшаму. Фактычна, не адмаўляючы палітычныя і грамадзянскія свабоды, беларусам прапаноўваецца “чарка і шкварка”.

 

ФАКТАРЫ, АД ЯКІХ ЗАЛЕЖЫЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СВАБОДА

Нацыянальная эліта

Сёньня Беларусь – незалежная, суверэнная краіна і ў гэтым сэнсе фармальна - нацыянальна свабодная. Супярэчнасьці узнікаюць пры параўнаньні вызначэньняў нацыянальнай свабоды, як гэта разумеюць прадстаўнікі нацыянальнай эліты, з той фармальнай нацыянальнай свабодай, якая існуе і ўмацоўваецца зараз у рускамоўнай цывільнай дзяржаве Беларусь.

Паводле розных меркаваньняў, у краіне існуюць дзьве беларускія ідэнтычнасьці ці этнасы (абарыгенаў-этнанацыяналістаў і “крэолаў”; Рабчук, 2005), дзьве культуры (культура-1, культура-2; Астапенка, гл. Зборнік, с.81-98), дзьве арыентацыі (“гордые белорусы” или “националисты” і “разочарованные белорусы” или “космополиты”; Манаеў, Дракахруст, 2012), два варыянты ідэнтычнасьці (нацыянальны і постсавецкі-заходнерускі; Радзік, 2012), дзьве групы людзей (сьвядаміты і несьвядаміты; Воранаў, 2013).  Г. Туміловіч (2013) разглядаючы праблему беларускай ідэнтычнасьці адзначыла, што пад уплывам асобы кіраўніка краіны адчуваньне «коллективного одиночества» и определяет во многом форму, в которой развивается сегодня национальное белорусское сознание». Падаецца, што падобныя азначэньні існуючых рэальнасьцяў даволі дакладна адлюстроўваюць сітуацыю. Краіна падзелена даследчыкамі на дзьве часткі: адна частка, ідэі якой падзяляюць каля 25-30% насельніцтва, ідзе за нацыянальнай элітай (В. Вілейта, 2005); другая частка, большая, складаецца з прыхільнікаў сёняшняга кіраўніцтва дзяржавы. Абедзьве гэтыя часткі ці ідэалогіі выкаростоўваюць розную гістарычную і культурную базу для будаўніцтва дзяржавы, якую яны ўяўляюць як нацыянальную. Нацыянальная эліта карыстаецца доўгатэрміновай гістарычнай памяцьцю (Полацкае княства, ВКЛ, станаўленьне беларускай нацыі канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў, беларусізацыя 20-30-х і 90-х гадоў 20-га стагоддзя), тады як сучаснае кіраўніцтва для ўсталяваньня сваёй перавагі выкарыстоўвае кароткатэрміновую гістарычную памяць (калектывізацыя і індустрыялізацыя савецкіх часоў, Вялікая айчынная вайна, цяжкасьці пасьляваеннага перыяду).

Відавочна, што прасавецкая частка, якая зараз знаходзіцца пры ўладзе, усякімі шляхамі спрабуе прынізіць прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, якіх бачыць сваімі канкурэнтамі і ворагамі. Многімі працяг такой сітуацыі бачыцца незваротным (Рабчук, 2012). У нядаўнім артыкуле, зыходзячы з рэалій, было выказана меркаваньне, што будаўніцтва нацыянальнай беларускай дзяржавы ў перспектыве магчыма (Мурзёнак, 2013). Трэба толькі дадаць, што калі б працэс беларускага неоадраджэньня 1991-1994 гадоў працягваўся, то відавочна, што пытаньня аб “крэольскай” дзяржаве не ўзнікала б.

З практычнага пункту гледжаньня, далейшае падзяленьне на “вашых і нашых” не будзе спрыяць умацаваньню нацыянальнай свабоды для краіны. Нягледзячы на пастаянны ўціск з боку ўлады на прадстаўнікоў нацыянальнай эліты і на тое, што яны робяць, нацыянальная эліта з’яўляецца адным з галоўных станоўчых фактараў у прыбліжэньні сапраўднай нацыянальнай свабоды, бо нясе ў сабе глыбокую гістарычную, культурную і генетычную праўду пра беларускую нацыю.

 

Нацыяналізм і сучаснае будаўніцтва нацый

Нараджэньне новых нацыянальных дзяржаў у канцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў ў Еўропе было рэальным дзякуючы як нацыянальным сілам, якія імкнуліся да свабоды, так і спрыяльным гістарычным умовам (развал Аўстра-Венгерскай, Атаманскай і Расійскай імперый, першая сусьветная вайна). Лічыцца, што нацыяўтварэньне ў пост-мадэрны перыяд немагчыма. Сёньня нацыяналізм на захадзе бачыцца ў адмоўным сэнсе, як праявы ксенафобіі, нацыянал-фашызму, і г.д.  Фактычна, на захадзе баяцца нацыяналізма і патрыятызма, нягледзячы на тое, што самі перажылі эпоху станаўленьня нацый.

Аднак, заходнія меркі не заўжды падыходзяць да сучасных новаўтвораных дзяржаў.  Таму яркі прыклад будаўніцтва на нашых вачах нацыянальных дзяржаў на тэрыторыях былой Югаславіі і СССР, якое адбылося і працягваецца сёньня. Нацыяналізм, скіраваны на будаўніцтва нацыі па многіх прычынах ёсьць з’ява пазітыўная, пры ўмове павагі да правоў і свабод як карэннай нацыі, так і нацыянальных меншасьцяў; бо цяжка ўявіць сьвет без дзяржаў і нацый у бліжэйшыя 50-100 гадоў. Здаецца, што на захадзе не зусім разумеюць асаблівасьці сучаснага нацыяўтварэньня ў пост-савецкіх краінах: Беларусі, Казахстане, Латвіі, Украіне. І хоць другая спроба за апошнія 10 год асягнуць сапраўдную нацыянальную свабоду на Украіне зараз падлягае вялікаму іспыту, аднак, ёсьць тэарэтычныя і практычныя падставы сьвярджаць, што нават у наш час нацыянальнае будаўніцтва працягваецца. Ніхто не можа спыніць гэты працэс, нават імперская Расія.

 

Фактар мірнага суіснаваньня

Адным з фактараў, які мог бы спрыяць нацыянальнай свабодзе з’яўляецца адносна доўгі перыяд мірнага суіснаваньня. Магчымасьць ужываньня ядзернай зброі сёньня можна ўявіць толькі пры пагрозе існаваньню краін, якія ёй валодаюць. У іншых выпадках, здаецца, ужываньне ядзернай зброі немагчыма, калі падпарадкоўвацца здароваму сэнсу і досьведу яшчэ нядаўніх глабальных і лакальных войн (ІІ сусьветная, карэйская, ірана-іракская, югаслаўская, іракская, афганская, расійска-грузінская, а цяпер і расійска-украінская). Аднак, як паказала ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны, гэты фактар значнай ролі не мае. З тых краін, якія гарантавалі бясьпеку і суверэнітэт Украіне (Расія, ЗША, Вялікабрытанія), Расія парушыла гэтую міжнародную дамову, а ЗША і Вялікабрытанія ёсьць банкротамі, бо не змаглі выканаць дадзеныя імі абавязкі. Такая ж Дамова ёсьць і для Беларусі, але з гэтага часу можна казаць, што гарантаў у сьвеце няма, калі ацэньваць тыя недастаковыя і неадэкватныя дзеяньні ў адказ на агрэсію Расіі як з боку падпісантаў гэтай Дамовы, так і з боку іншых краін заходняй дэмакратыі.

 

Фактар глабалізацыі

Працэс глабалізацыі, які характарызуе далейшае развіцьцё імперыялізму (капіталу), здаецца, мог бы з’яўляцца фактарам, які размывае дзяржаўныя межы і пагражае існаваньню маленькіх і вялікіх нацый. Усё ж, на прыкладзе ЕС, гэтага пакуль не назіраецца. Скасаваньне межаў паміж шэрагам дзяржаў ЕС (Шэнгенскае пагадненьне ад 1985 г.) не вядзе да ліквідацыі нацыянальнай ідэнтычнасьці, да прыкладу, люксембуржцаў ці нарвежцаў. Наадварот, зараз назіраецца тэндэнцыя да адасабленьня і адмежаваньня ад агульнай прасторы ЕС, па крайней меры ў дачыненьні ўжываньня грашовай адзінкі еўра (Вялікабрытанія). Варта нагадаць і крытыку ў адрас будучыні ЕС, маючы на ўвазе нават магчымы выхад некаторых краін з гэтай супердзяржаўнай структуры (Грэцыя, Чэхія). Можна аднак меркаваць, што ў бліжэйшай перспектыве (30-50 гадоў) глабалізм-імперырыялізм не будзе адмоўна ўплываць на існаваньне нацый і нацыянальнай свабоды. Капітал зацікаўлены мець розныя рынкі і розныя умовы існаваньня нацый, дзе б ён мог памнажаць свае грошы.

 

Зьнешнія фактары і падвойныя стандарты

Маленькія краіны заўжды апыналіся пад уплывам больш магутных суседзяў, нягледзячы на тое, якія сілы, цэнтрабежныя ці цэнтраімклівыя, пераважалі ў саміх краінах. Зьнешнія фактары прыводзілі да падзелу вялікіх і маленькіх нацый (Германія, Карэя, Асеція) і, наадварот, яны не дазваляюць падзеленым нацыям заснаваць сваю дзяржаўнасьць і асягнуць нацыянальную свабоду (курды, палесьцінцы).

Зьнешні фактар, як для Беларусі, так і для Украіны, зараз мацнейшы з Усходу, бо Захад, у пагоні за грашыма, губляе каштоўнасьці і здраджвае тым прынцыпам, на якіх пачынаў будавацца. Сёньня лозунгі свабоды і дэмакратыі зьбіваюцца на рэйкі рэальнай палітыкі, пад якой фактычна маецца на ўвазе звычайны гандаль дэмакратычнымі і гуманітарнымі каштоўнасьцямі ў абмен на эканамічныя выгады (Германія-Расія-Шрэдэр-балтыйскі нафтапровад, і іншыя прыклады). Фактычна, гэтага ж чакаюць ад урадаў і звычайныя грамадзяне такіх краін. Падвойныя стандарты ўжываюцца амаль усімі краінамі, уключна з краінамі-дэпазітарыямі ядзернай зброі, прэтэндуючымі на стварэньне іншых полюсаў чалавечага развіцьця (Расія, Кітай). Балансаваць у гэтай сітуацыі Беларусі, Украіне і іншым пост-савецкім рэспублікам складана.

Палітыку неакаланіялізма, якую раней ужывалі распаўшыяся імперыі (Брытанія, Францыя), цяпер працягвае ўжываць Расія ў адносінах да нядаўніх суседзяў па СССР. У ход пайшлі не толькі эканамічныя пагрозы, але і прамая ваенная агрэсія, на гэты раз у адносінах да Украіны. Міжнародная супольнасьць, нарэшце, заўважыўшы праблему пасьля адкрытай агрэсіі (так падаецца на першы погляд), працягвае гандаль за Украіну з Расіяй  (усяго за нейкіх 15-20 млрд даляраў, з-за намеру Украіны падпісаць у Вільні пагадненьне аб асацыяцыі з ЕС ў лістападзе 2013 года). Закрэсьлены маральныя прынцыпы падтрыманьня свабод, ідзе адкрытая купля-прадажа. Гандаль працягваецца і гэта відаць па тых паўмерах і нерашучых кроках, якія робяць і ЕС, і ЗША ў адказ на акупацыю і анэксію Крыма Расіяй.

Трэба заўважыць, што акупацыя Крыма Расіяй адбылася насуперак Міжнароднай дамове 1994 г. аб гарантыях бясьпекі і суверэнітэту для Украіны і Беларусі, падпісанай Расіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША. Расія, у мінулым “жандарм Еўропы”, працягвае выкончаць функцыі падаўленьня свабоды ў наш час, разглядаючы незалежную Украіну як сваю вотчыну. Відавочна парушэньне міжнародных правоў і існуючага парадка. Расія вярнулася да рэалізацыі еўразійскай ідэі і працягвае рух з усходу на захад, які то сьціхаў, то ўзнаўляўся з часоў Залатой Арды. Абараняць рускамоўнае насельніцтва можна паўсюдна, не толькі на Украіне, а і ў Беларусі, Казахстане, Латвіі, Эстоніі, і прыціснуць з дапамогай зброі імкненьне гэтых краін да нацыянальнай свабоды. Зараз цяжка прадбачыць магчымыя наступствы ўварваньня Расіі на тэрыторыю Украіны: аналітыкі разглядаюць як верагоднасьць трэцяй сусьветнай вайны (Усход-Захад, Візантыя-Рым), так і развал многанацыянальнай Расіі (83 суб’екты, больш за 190 народаў і народнасьцяў).

Зусім нядаўна сьвет быў сьведкам дзьвух чачэна-расійскіх войнаў (1994-2000). Калі б такія войны ішлі ў Афрыцы, ці Лацінскай Амерыцы, то яны, па савецкіх мерках, называліся б нацыянальна-вызвольнымі. Аднак, дзве нацыянальна-вызвольныя вайны, якія вёў чачэнскі народ з Расіяй, скончыліся тым, што чачэнцаў цяпер у сьвеце ў асноўным прадстаўляюць як тэрарыстаў, у лепшым выпадку сепаратыстаў (гэта пры ўмове права нацыі на самавызначэньне і аддзяленьне). Трэба нагадаць, што падчас гэтых войнаў загінулі каля 200.000 мірных грамадзян Чачні (з іх каля 40 тыс. дзяцей) і каля 20.000 расійскіх вайскоўцаў. Вядома, сьвет стаміўся ад войнаў і хоча стабільнасьці, міру і дабрабыту. Аднак, сёньня з цяжкасьцю хтосьці можа адрозьніць нацыянальна-вызвольны рух ад тэрарызму, пад які сьпісываюць усё і з  гэтым моўчкі пагаджаюцца краіны ў любой частцы сьвету, баючыся ў першую чаргу за сваю тэрыторыяльную цэласьць. Зноў жа, працуюць падвойныя стандарты.

Здавалася б, у гэтых гістарычных умовах (ціск Расіі і нерашучасьць Захаду) і на далёкую перспектыву найлепшым выхадам для Беларусі была б заява аб нейтральнасьці ў Еўропе, што і прапісана ў Канстытуцыі РБ (Артыкул 18 “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без'ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай”). Гэта б дазволіла зняць пастаянны ўціск еўразійскай Расіі і ўвайсьці ў сям’ю еўрапейскіх народаў з яе дэмакратычнымі інстытутамі. Для гэтага Беларусь многа мае: адукаваных і культурных людзей, разьвітую інфраструктуру, выгадную тэрыторыю. Аднак, хто забясьпечыць “мірны ядзерны парасон”? Як асягнуць нейтральнасьць, калі нацыянальная свабода дзяржавы знаходзіцца пад пагрозай дзеяньня чужых войскаў раскватэраваных на яе абсягах? Гэта пагроза з’яўляецца самым небясьпечным, адмоўным фактарам уплыву на нацыянальную свабоду.

 

Унутраныя фактары і беларуская сьвядомасьць

Па ацэнках міжнародных незалежных арганізацый, Беларусь, па паказчыку дэмакратыі займае 141 месца ў сьвеце і ўваходзіць у групу краін з аўтарытарным рэжымам, па паказчыку эканамічнай свабоды – 150-е, па паказчыку свабоды прэсы – 168-е (Табліца 1). Парушэньне свабод адзначаюць і праваабаронцы ў Беларусі (Пастухоў, Пульша, 2013; Беларускі праваабарончы Хельсінскі Камітэт, http://belhelcom.org/node/19158). І гэта не дзіўна, усе старыя парадкі, якія існавалі ў савецкі час перайшлі ў спадчыну да новаўтвораных дзяржаў, дзе сістэма кіраваньня і нават ідэалогія і самі кіраўнікі не зьмяніліся.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя амаль існавала новая існасьць – савецкая нацыя. У 1991 г. 69% беларускага насельніцтва лічыла сябе савецкімі людзьмі, і толькі 24% ідэнтыфікавала сябе належнымі да рэспублікі Беларусь (Titarenko, 2007). У той жа час, дэкларавалася развіцьцё нацыянальных культур, але яно было ў дазволенай меры і не магло перайсьці межы магчымага аддзяленьня нацыі-народа са складу СССР. Шараговыя грамадзяне нават не заўважалі наяўнасьці палітычных свабод бо імі рэальна не карысталіся.

У той жа час, сацыяльная абароненасьць людзей і эканоміка краіны былі даволі высокімі. Невыпадкова па індэксу чалавечага развіцьця большасьць рэспублік былога СССР знаходзяцца зараз сярод краін з высокім і вельмі высокім узроўнем (індэкс разлічваецца на падставе чатырох паказчыкаў – працягласьці жыцьця, колькасьці гадоў навучаньня ў школе, рэальнага працягу навучаньня ў школе (у гадах), і нацыянальнага даходу ў разьліку на кожнага чалавека). Па гэтаму індэксу Беларусь займае 50-е месца ў сьвеце (2013). Адзначаны дыссананс паміж узроўнямі свабод і ўзроўнем жыцьця можа сьведчыць аб недастатковым развіцьці палітычнай культуры і традыцый як у кіраўніцтва, так і ў шараговых грамадзян гэтых краін, што ў значнай меры абумоўлена савецкай спадчынай.

 

Табліца 1. Паказчыкі свабоды і развіцьця ў Беларусі

Паказчык

Узровень

Freedom in the World

(Свабода ў сьвеце, 2014)

свабодныя (88 краін)

Канада, Літва, Латвія, Польшча *

часткова свабодныя (59 краін)

Арменія, Грузія, Кіргізстан, Малдова, Україна

не свабодныя (48 краін)

Беларусь, Расія, Казахстан, Азербайджан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан

Index of Economic Freedom (паказчык эканамічнай свабоды, 2014)

свабодныя

Канада

большасьцю свабодныя

Грузія, Літва, Латвія, Эстонія

умерана свабодныя Азербайджан, Арменія, Польшча, Казахстан, Кіргзстан

большасьцю несвабодныя

Таджыкістан (139), Расія (140),       Беларусь (150)

Press Freedom Index

(паказчык свабоды прэсы, 2012)

добры стан

Канада, Нарвегія

здавальняючы

ЗША, Латвія, Літва, Польшча, Эстонія

значныя праблемы

Венгрыя, Румынія

цяжкі стан

Україна (116),   Расія (142), Казахстан (154), Беларусь (168)

Democracy Index

(індэкс дэмакратыі, 2012)

поўная дэмакратыя

(25 краін)

Нарвегія (1), Канада (8), Паўдн. Карэя (20), ЗША (21)

недастатковая дэмакратыя (54 краіны)

Эстонія (34), Літва (42), Польшча (44), Латвія (47), Малдова (67)

гібрыдны рэжым (37 краін)

Україна (80), Грузія (93), Кіргізстан (106), Арменія (114)

аўтарытарны рэжым              (51 краіна)

Расія (122), Куба (127), Азербайджан (139), Беларусь (141), Кітай (142), Казахстан (143), Паўночная Карэя (167)

Human Development Index

(індэкс развіцьця чалавека, 2013)

вельмі высокі

Нарвегія (1), Канада (11), Фінляндыя (21), Эстонія (33), Польшча (39), Літва (41), Латвія (44)

высокі

Беларусь (50), Расія (55), Казахстан (69), Грузія (72), Україна (79), Азербайджан (82), Арменія (89)

сярэдні

Кітай (101), Туркменістан (102), Малдова (108), Узбекістан (114), Кіргізстан (125), Таджыкістан (126)

нізкі

Пакістан (146), Камерун (150), Йемен (160), Малаві (170), Афганістан (175), Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (180)

 

*У табліцы для параўнаньня прыведзены зьвесткі для іншых краін, у першую чаргу нашых суседзяў. Чытачы праз лінкі могуць знайсьці больш падрабязную інфармацыю.

Адносіны саміх беларусаў да свабод вельмі нявызначаныя, аморфныя (Табліца 2). Так, 65.2% насельніцтва лічыць, што паляпшэньне эканамічнага стану краіны важней за незалежнасьць (29.3%). Гэта значыць, што свабода не з’яўляецца галоўнай каштоўнасьцю для большасьці беларусаў, хаця яны і аддаюць невялікую перавагу свабодзе над роўнасьцю (54.3%). Падтрымліваючы ў большасьці дэмакратыю (75.3%)  і тое,  як яна развіваецца ў краіне (50.4%), больш паловы беларусаў (61.6%) не супраць аўтарытарнага стыля кіраваньня. Відавочна, што яны не ўспрымаюць аўтарытарны рэжым, як пагрозу дэмакратычным свабодам, аднак і не прымаюць ваенную дыктатуру (за - толькі 13.1%).

Менавіта з моцным лідэрам, а не з палітычнымі партыямі беларусы зьвязваюць лепшыя надзеі. Тая падрымка, якую партыі маюць з боку насельніцтва, знаходзіцца на ўзроўні статыстычнай пагрэшнасьці. Гэта ўвогуле і не дзіўна, калі ва ўмовах дыктатарскага рэжыму партыі не маюць свабоднага доступу да масавых сродкаў інфармацыі і зазнаюць пастаянны ўціск з боку ўлады. Аднак і актыўнасьць саміх партый вельмі нізкая. Прайшлі  выбары ў мясцовыя органы ўлады. На выбарчых участках працавалі каля 60.000 сяброў камісій; ад апазіційных партый было пададзена крыху больш за 300 заявак на ўдзел у камісіях (прыблізна 0.5%), ды ўлада скасавала колькасьць заявак у 10 разоў і засталося 0.05% сяброў у камісіях. Нямая сцэна?! Гэта яшчэ адна прычына таму, што 91.5% насельніцтва ўвогуле не цікавяцца пытаньнямі палітыкі краіны. А з другога боку, якія выбары? Гэта не жарт: “Кіраўніку дзяржавы быццам стала сорамна мець 90% на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г., дык ён просіць старшыню цэнтральнай выбарчай камісіі, ну зрабіце хаця б 80%”. Вось і ўсе выбары. Паколькі сілы палітычных партый, апазіцыйных ці “пазіцыйных”, невялікія, таму ўмацаваньне нацыяльнай свабоды ў вельмі нязначнай меры зараз падтрымлівае аўтарытарнае кіраўніцтва. 

“Ціха” ідэнтыфіцыруючы сябе беларусамі людзі не ідуць змагацца за нацыянальную свабоду, ці за палітычныя правы, бо, з аднаго боку, за іх усё вырашаюць, а з другога, відаць іх задавальняе стан эканамічнай і індывідуальнай свабоды (фактычна ідзе падмена паняцьцяў індывідуальных і палітычных свабод). Можна меркаваць, што нявызначанасьць беларусаў у дачыненьні да палітычных і нацыянальнай свабод перайшла ў спадчыну ад Расіі і савецкай сістэмы за апошнія два стагоддзі. Гэта нявызначанасьць ці абыякавасьць з’ўляецца адным з негатыўных фактараў, які уплывае на развіцьцё беларускай нацыі.

 

Табліца 2. Сучасны беларускі партрэт свабод

Характарыстыка

Факты

Спасылка

Эканамічны стан краіны больш важны чым яе незалежнасьць

Для 65.2% больш важна паляпшэньне эканамічнага стану Беларусі, тады як для 29.3% - незалежнасьць краіны.

“Новости НИСЭПИ”, Выпуск 1.ІІІ.2013.с.32.

Прыхільны да свабоды

54.3% выбіраючы паміж свабодай і роўнасьцю выбралі свабоду

Зборнік, с.258* Іванюто О. і інш.

Прыхільны да дэмакратыі

 

75.3% упэўнены, што дэмакратыя лепш, чым іншыя формы кіраваньня дзяржавай; 50.8% - задаволены тым як дэмакратыя развіваецца ў краіне;

63.6%  лічуць, што да дэмакратыі трэба ісьці шляхам паступовых рэформ, а не рэвалюцыйных зьмен;

73% станоўча ставяцца да дэмакратычнай палітычнай сістэмы;

69.6% гатовы прымаць удзел у выбарах, выканаць грамадзянскі абавязак

Зборнік, с.261, 263

Іванюто О. і інш.

 

 

 

 

 

Апалітычнасьць

91.5% апытаных беларусаў былі абыякавымі да палітыкі, іх адказы размеркаваліся наступным чынам: маё жыцьцё залежыць ад палітыкі, але я ў ёй ня ўдзельнічаю, таму што гэта бескарысна (23.7%) ці небяспечна (11.1%); маё жыцьцё слаба залежыць ад палітыкі (22.5%); я не цікаўлюся палітыкай (34.2%)

Дадзеныя НДІСЭПД (“Народная Воля”, 3 верасьня 2013).

Не падрымліваюць палітычныя партыі

Узровень падтрымкі палітычных партый вагаецца ад 0.3% (аграрная партыя) да 3.7% (ліберальна-дэмакратычная партыя)

Зборнік, с.264 Іванюто О. і інш.

 

Адносіны да дыктатуры

61.6% станоўча ставяцца да моцнага лідэра, аднак, толькі 13.1% былі б задаволены каб у краіне была ваенная дыктатура

Зборнік, с.261

Не талерантныя

Да іншых рэлігій, расаў, сексуальных паводзін

Мурзёнак П., “САКАВІК”, №4, с.40-49.

* Спасылкі на зборнік “Трансфармацыі мянтальнасьці беларусаў у ХХІ ст., Рыга, 2013

 

Рэлігія

Не адмаўлячы права кожнага чалавека верыць у свайго Бога, можна меркаваць, што пасьля Грэцыі і Рыму рэлігія ў значнай ступені затармазіла на доўгі час развіцьцё чалавечых каштоўнасьцей, уключна са свабодай. Рэлігія не спрыяе развіцьцю нацыянальнай свабоды па трох прычынах: а) бо знаходзіцца па-над нацыямі-народамі-дзяржавамі, б) распальвае варожасьць паміж людзьмі нават аднаго этнасу, в) не ўлічвае інтарэсы нерэлігіёзных людзей і атэістаў. Хоць час крыжовых паходаў скончыўся, аднак, міжканфесійная барацьба працягваецца.

Нягледзячы на пазітыўныя пастулаты, якія рэлігійныя канфесіі ў большасьці прапаведуюць, яны распальваюць варожасьць паміж людзьмі. Спробы выкаростоўваць адну рэлігію для ўмацаваньня дзяржаўнасьці ці нацыянальнай свабоды ў краінах, дзе жывуць людзі з рознымі веравызваньнямі заўжды сканчаюцца міжканфесійнымі канфліктамі (Францыя ў мінулым, пратэстанты супраць католікаў; Беларусь прайшла праз паганства-праваслаўе-каталіцтва-пратэстантызм-уніяцтва-зноў праваслаўе; сучаснае сутыкненьне паміж праваслаўем і ісламам у Расіі; паміж праваслаўем і праваслаўем на Украіне; паміж ісламам і іудаізмам, паміж ісламам і каталіцызмам у шэрагу краін: ЦАР, Уганда, Філіпіны, Пакістан, Егіпет).

 Прыклады краін, дзе абсалютная большасьць насельніцтва належыць да адной канфесіі (напрыклад, Польшча, Філіпіны) з’яўляюцца выключэньнем. Аднак  нават у Філіпінах, дзе менш 5% людзей належаць да ісламу, час ад часу ўзнікаюць узброеныя канфлікты за самавызначэньне. Не адмаўляючы ў праве гэтым людзям на самаідэнтыфікацыю (не нацыянальную, а рэлігійную) можна толькі адзначыць, што ў аснове многіх ваенных канфліктаў ляжыць рэлігійная неталерантнасьць. У Беларусі, паводле Канстытуцыі, няма дзяржаўнай рэлігіі, аднак прэферэнцыі, тым не менш аддаюцца праваслаўю. Як прэферэнцыі праваслаўю, так і прыцясненьні пратэстантаў, Саюза палякаў (і каталікоў адпаведна) з’яўляюцца памылковымі рашэньнямі ўрада, бо не вядуць да нацыянальнай згоды ў дзяржаве, а значыць, памяншаюць умовы для нацыянальнай свабоды і бясьпекі.

Рэлігійныя свабоды ёсьць важнейшым кампанентам індывідуальных правоў і свабод. Аднак, трэба адзначыць, што рэлігія ня ёсьць агульнай каштоўнасьцю для ўсіх. На сёняшні дзень значная доля людзей да рэлігі ніяк не належыць. Так, напрыклад, у Францыі, паводле неафіцыйных апытаньняў (2012, WIN-Gallup International), толькі 37% насельніцтва веруючыя людзі, 34% - не рэлігіёзныя, і 29% (?!) - атэісты, г.зн. 63% насельніцтва ня ёсць актыўнымі вернікамі. У Беларусі такі людзей – 41%, у Расіі – 34%, на Украіне – каля 25% (“День”, 2002. http://www.cerif.com.ua/).

Такім чынам, можна казаць, што рэлігійныя свабоды, калі і ўплываюць на нацыянальную свабоду, то ў канчатковым выглядзе толькі ў адмоўным сэнсе.

 

Прыватная ўласнасьць і алігархічны капітал

Не адмаўляючы гуманітарныя каштоўнасьці, выказаныя на прыроду чалавека Дж. Локэ, можна меркаваць, што новыя рыначныя адносіны будуць з’яўляцца важным фактарам ва ўмацаваньні нацыянальнай свабоды. Як упаміналася вышэй, аднымі з асноўных заваёў французскай рэвалюцыі былі гарантыі свабоды індывіда і абарона прыватнай уласнасьці. Так склалася на беларускіх землях, што прыватная ўласнасьць амаль адсутнічала (за выключэньнем кароткага перыяду ў канцы 19-га- пачатку 20-га стагоддзя і ў 20-30-я гады 20-га стагоддзя ў Заходняй Беларусі). Відавочна, што прыватная ўласнасьць патрабуе зусім іншага пачуцьця свабоды і тыпу адказнасьці чалавека перад сям’ёй і дзяржавай, чым пры дзяржаўнай ці калгасна-кааператыўнай формах уласнасьці, што існуюць у Беларусі на працягу амаль сотні апошніх гадоў.

На сёньня ў Беларусі адбываюцца зьмены ў бок набыцьця прыватнай уласнасьці і павышэньня яе прадукцыйнасьці, аднак, доля гэта яшчэ невялікая. Паводле віцэ-прэм’ера Беларусі П. Пракаповіча, у 2013 годзе каля 20% валавага ўнутранага прадукта (ВУП) павінна быць атрымана ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу (Звязда, 27 жніўня 2013). Плануецца, што гэта лічба будзе павялічвацца (у 2015 годзе – не меней за 30%, а ў наступнай пяцігодцы “прыватны бізнес павінен ствараць 50% ВУП”).

Нягледзячы на моцнае ўздзеяньне зьнешніх фактараў з усходу, якія зараз дамінуюць над заходнімі, узнікаючы ў рамках уладных структур беларускі капітал будзе вымушаны абараняць сваю ўласнасьць ад размываньня капіталам больш моцных суседзяў. Такім чынам, можна чакаць, што ўмацаваньне дзяржаўнасьці і нацыянальнай свабоды будзе адбывацца як у сілу ўзрастаньня долі алігархічнага капітала ў Беларусі, так і ў сілу простых біялагічных рэфлексаў самазьберажэньня, маючы на ўвазе магчымую агрэсію ці, калі хочаце, ваенную альбо эканамічную анэксію Беларусі Расіяй. Праўладныя прыхільнікі развіцьця беларускай дзяржавы рана ці позна таксама будуць вымушаны падключыцца да аднаўленьня нацыянальных каштоўнасьцяў, не абумоўленых толькі гісторыяй савецкага перыяду і часоў Вялікай айчыннай вайны.

Панславянскія аб’яднаўчыя прэтэнзіі на беларускае лідэрства на прасторах СНД ў часы Ельцына скончыліся з прыходам у Расію аўтакратычнай каманды, палітыкай якой з’яўляецца спробы аднаўленьня імперыі. Упершыню за 20 апошніх год аб неабходнасьці ўмацаваньня нацыі нядаўна выказваўся кіраўнік Беларусі (“Наша Ніва”, 17.10.2013). Да таго ж трэба нагадаць будаўніцтва Палаца незалежнасьці і Плошчы дзяржаўнага сьцяга ў 2013 годзе ў Мінску. Гэта яшчэ не дастатковыя сігналы, але ў хуткім часе можна будзе чакаць і больш сур’ёзныя. Такім чынам, можна спадзявацца, што прасавецкі характар развіцьця дзяржавы паступова пачне мяняцца і набываць нацыянальны колер.

 

 

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

 

Хто канкрэтна вінаваты ў сусьветным маральным крызісе, несправядлівасьці, беднасьці, войнах, парушэньнях свабод і правоў – ліберальныя дэмакраты, ідэі многапалярнасьці, імперскія амбіцыі, рэлігія, падвойныя стандарты? Відавочна, што чалавецтва згубіла агульныя мэты і парушае прынцыпы і крытэрыі для асягненьня гэтых мэтаў. Замест новага вітка халоднай вайны і войн сапраўдных, прыкметы якіх становяцца ўсё больш заўважнымі, чалавецтву варта было б дамовіцца аб новых прынцыпах існаваньня і ўзаемадзеяньня для ўсталяваньня міру і парадку ў сьвеце, аб сумесных дзеяньнях супраць галечы, хвароб, прыродных катаклізмаў.

Падвойныя стандарты, якія ўжываюць мацнейшыя дзяржавы сьвету, дэманструюць ігнараваньне прынцыпаў дэмакратыі, справядлівасьці і дабра. Дзеля сваёй эканамічнай выгады супердзяржавы гандлююць лёсам народаў, якія імкнуцца да свабоды. Яркім прыкладам стаў сучасны канфлікт у Еўропе, выкліканы жаданьнем Украіны атрымаць статус асацыяцыі з ЕС. Расія, сваёй ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, прадэманстравала непавагу да міжнародных правоў і пасягае на свабоду,  суверэнітэт  і тэрыторыю незалежнай, нядаўна братняй, краіны. Адной з прычынаў агрэсіі Расіі з’яўляецца яе традыцыйны рух на захад, які базуецца на еўразійскай ідэалогіі, што ставіць пад пагрозу існаваньне не толькі дэмакратыі і свабоды, але і нацый. Сваёй агрэсіяй Расія падцьвердзіла амаль 800-гадовы падзел паміж цывілізацыямі - еўразійскай (расійскай) і усходнеславянскай, беларуска-украінскай. З тых краін, якія гарантавалі бясьпеку і суверэнітэт Украіне (Расія, ЗША, Вялікабрытанія), Расія парушыла міжнародную дамову, а ЗША і Вялікабрытанія былі банкротамі, бо не змаглі выканаць дадзеныя імі абавязкі. Такім чынам, нават у наш час для нацыянальнай свабоды існуе пагроза быць прыцісьнутай з дапамогай зброі. Чачня, Грузія, Україна – хто наступны і калі?

Падаецца, што роль нацый ці нацый-дзяржаў не будзе зьмяншацца, нягледзячы на тэндэнцыі стварэньня наднацыянальных дзяржавападобных утварэньняў (Еўрапейскі Саюз, Мытны Саюз, іншыя саюзы). Тое, што працэс будаўніцтва нацый працягваецца нават у канцы 20-га і на пачатку 21-га стагоддзяў, паказваюць падзеі, якія адбываліся ў Югаславіі і адбываюцца цяпер на Украіне (лістапад 2013 – сакавік 2014). Ёсьць падставы сьвярджаць, што ў перспектыве нацыянальнае будаўніцтва ў Беларусі і ў іншых пост-савецкіх краінах (Казахстан, Латвія) таксама будзе завершана. У значнай ступені гэта будзе залежыць ад балансу станоўчых і адмоўных фактараў, якія могуць уплываць на ўмацаваньне нацыянальнай свабоды (Табліца 3). Сярод найбольш моцных станоўчых фактараў уплыву можна адзначыць магчымасьць сучаснага будаўніцтва нацыі і дзейнасць нацыянальнай эліты, сярод адмоўных – нізкі ўзровень палітычнай культуры, непадтрымка ўрадам дзяржаўнай Мовы, пагроза магчымай агрэсіі, рэлігія. Да адмоўных фактараў уплыву можна аднесьці і неталерантнасьць беларусаў да людзей іншых расаў, рэлігійных канфесій, паводзін (Мурзёнак, 2013). Здавалася б, адсутнасьць еўрапейскай ментальнасьці ў нейкім сэнсе добры знак для здаровага нацыяналізму, бо ў такой сітуацыі нацыяналізм мог бы мець перавагу над глабальнымі працэсамі, аднак, непавага да свабод шэрагу катэгорый людзей не можа спрыяць ўмацаваньню нацыянальнай свабоды.

 

 

 

 

 

Табліца 3. Фактары уплыву на нацыянальную свабоду

Фактары уплыву на нацыянальную свабоду

Моц уплыву па 5-бальнай шкале (станоўчы “+”     адмоўны “-“)

Каментарый

                                                                   Станоўчыя фактары

Магчымасьць сучаснага будаўніцтва нацыі

++++

Краіны былой Югаславіі; Украіна (працягваецца), Беларусь, Казахстан, Латвія (у перспектыве)

Нацыянальная эліта

+++

Роль магла бы быць значна большай пры ўдзеле настаўнікаў і іншых інтэлектуальных сіл

Падтрымка насельніцтвам ідэі незалежнасьці

++

Асьвета – адзіны сродак палепшыць сітуацыю

Падтрымка прадпрымальнікаў

+

Яны ў зародышавым стане, але іх роль будзе расьці

Рэальная патрымка партый

+

На ўзроўні пагрэшнасьці, за выключэньнем партый БНФ

Падтрымка ўрада

+

Намінальная, дэкларавана “крышталізацыя нацыянальнай ідэі”, аднак намеры і дзеяньні слабыя

                                  Фактары, якія не маюць істотнага ўплыву

Глабалізацыя

±

Капітал не цікавяць нацыянальныя пытаньні

Вёска

±

На жаль вёска памірае (беднасьць, урбанізацыя, люмпен-сяляне), высыхае Моўная крыніца нацыі

Мірнае суіснаваньне або ядзернае стрымліваньне

±

Быў бы моцным фактарам пры падтрымцы краін заходняй дэмакратыі

                                                           Адмоўныя фактары

Нізкі ўзровень палітычнай культуры

- - - -

Вынік акупацыі Расіяй Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, савецкая спадчына

Не падтрымка дзяржаўнай Мовы урадам

- - - -

Мова – галоўны элемент асягненьня нацыянальнай свабоды. Адной гісторыі недастаткова.

Зьнешнія фактары

- - - -

Непрадказальная магчымая агрэсія. Узброенных сіл недастаткова для абароны

Рэлігія

- - -

У краіне няма роўнасьці канфесій, прэферэнцыю мае праваслаўе. Не улічваецца думка неактыўных вернікаў і атэістаў, доля якіх складае 41%

Дзейнасьць “пятай” калоны

- -

Заходне-русізм, расійская культура, іншае

Ментальнасьць беларусаў

- -

Невысокая талерантнасьць. Нельга быць свабодным не паважаючы правы людзей іншых расаў, рэлігій, паводзін

 

Адносіны беларусаў да свабоды характарызуюцца нявызначанасьцю і абумоўлены адсутнасьцю палітычнай культуры і традыцый, расійскай і савецкай спадчынай; падтрымка насельніцтвам ідэй дэмакратыі спалучаецца са станоўчымі адносінамі да аўтарытарнага стылю кіраваньня.

Толькі асэнсоўваючы наяўнасьць грамадзянскіх свабод і практычна выкарыстоўваючы палітычныя свабоды чалавек можа асягнуць значнасьць нацыянальнай свабоды. Можна меркаваць, што існуе іерархія свабод (індывідуальныя – палітычныя – нацыянальная); але базу, аснову свабод складаюць індывідуальныя свабоды і правы. Падмена грамадзянскіх свабод і правоў сацыяльна-эканамічнымі правамі разам з адсутнасьцю палітычнай культуры і традыцый перапыняе працэс асягненьня нацыяй свабоды вядзе да страты нацыянальнага гонару, нежаданьня падтрымоўваць даўнейшую гісторыю і культуру, да нігілістычных адносін да сваёй нацыі і яе свабоды. Узровень палітычных правоў і свабод і нацыянальнай свабоды - гэта ўзровень актыўнай працы нацыянальных эліт. У Беларусі умовы для такой працы ў краіне неспрыяльныя.

Баланс сіл станоўчых і адмоўных фактараў у Беларусі, па нашых разьліках, скіраваны ў адмоўны бок. Ключавымі фактарамі, якія могуць зьмяніць рух вагаў у станоўчы бок з’яўляюцца перш за ўсё ўнутраныя фактары, а менавіта разуменьне насельніцтва, прадпрымальнікаў, кіраўніцтва дзяржавы ў важнасьці ўмацаваньня нацыянальнай свабоды. У павышэньні сілы ўплыву гэтых фактараў важная роля належыць асьвеце насельніцтва і нараджэньню волі і жаданьня ва ўрадзе. Сярод найбольш моцных адмоўных фактараў, які трэба было б паменшыць ці адмяніць, адзначым пагрозу акупацыі, аднак, пры тым разуменьні, якое праснулася ў асяроддзі заходняй дэмакратыі, можна спадзявацца, што адмоўны уплыў гэтага фактара можа быць зьняты на карысьць маленькіх народаў і нацый. Разам з павышэньнем ролі іншых станоўчых фактараў гэта б істотна зьмяніла рух беларусаў да нацыянальнай свабоды.

 

 

 

Спасылкі

Вілейта В.   Беларусь у працэсе станаўлення дзяржаўнай тоеснасці: чыннікі, тэндэнцыі і перспектывы. Wider Europe review. 2005, T.2, №3.  http://review.w-europe.org/5/3.html

Воранаў В.  Несьвядомая небясьпека сьвядомасьці. Часопіс «САКАВІК», №1, сакавік 2013, с.53-58.

 

Зборнік “Трансфармацыі мянтальнасьці беларусаў у ХХІ ст.”, Рыга, 2013. Пад рэдакцыяй А.Я. Тараса. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 24 лістапада 2013 г.).

Мурзёнак П.  Шляхі да нацыянальнай дзяржавы. Часопіс «САКАВІК», №1, сакавік 2013, с.4-29.

Мурзёнак П.   Усходнеславянская беларуска-украінская цывілізацыя. Гіпотэза і факты. Часопіс «САКАВІК», №3, верасень 2013, с. 40-61.

Мурзёнак П. Беларускасьць і ментальнасьць цывілізаваных краін. Часопіс «САКАВІК», №4, сьнежань 2013, с.40-49.

 

Пастухоў М., Пульша С. “Нашы правы – наша багацьце”.  “Новы час”, 09.12.2013.

Рабчук М.   Усходнеславянская „умма” і праблема эмансіпацыі. Да пытання пра „слабую” ідэнтычнасць украінцаў і беларусаў. Беларускі гістарычны агляд, 2012, Т.19, Сш.1-2.

Тумилович Г.  Белорусская идентичность: ключевые факторы и спорные моменты. Часопіс «САКАВІК», №1, сакавік 2013, с.30-52.

 

Democracy index 2012. Democracy at a standstill. A report from The Economist Intelligence Unit. https://portoncv.gov.cv/dhub/porton.por_global.open_file?p_doc_id=1034

Diem G.N.  Locke, Hobbes and the Free Nation. 1998. http://freenation.org/a/f53d2.html

Diligensky G., Chugrov S. “The West” in Russian Mentality. 2000. http://www.nato.int/acad/fellow/98-00/diliguenski.pdf

FREEDOM IN THE WORLD 2014. http://freedomhouse.org/sites/default/files/FIW2014%20Booklet.pdf

 

Human Development Report 2013. http://hdr.undp.org/en/content/human-development-report-2013

 

Index of Economic Freedom 2014. http://www.heritage.org/index/ranking

Manajew O., J. Drakochrust J.   Wlasciwosci wspolnej tozsamosci bialorusiej. Tozsamosci zbiorowe Bialorusinow. Lublin, 2012, s.3. 

Titarenko L. Post Soviet National Identity: Belarusian Approaches and Paradoxes. Filosofija. Sociologija. 2007. T.18, #4, p.86.

WORLD PRESS FREEDOM INDEX 2011-2012. http://en.rsf.org/IMG/CLASSEMENT_2012/C_GENERAL_ANG.pdf 

 

 

 

 

 

 

Piotra Murzionak: NATION AND FREEDOM

(abstract, magazine “SAKAVIK”, March 2014, issue 5, pp. 14-37)

Who is to blame of global moral crisis, injustice, poverty, wars, violations of rights and freedoms - liberal democrats, ideas of multi-polar world, imperial ambitions, religion, double standards? It is obvious that humanity has lost the common goals and violates the principles and criteria for the achievement of these goals. Instead of a new round of the Cold War and real wars, the signs of which are becoming more visible, mankind would have to agree on new principles of existence and cooperation to establish peace and order in the world, on important joint actions against poverty, diseases and natural disasters.

Double standards that stronger nations apply to small nations show disregard for the principles of democracy, justice and goodness. For the sake of economic gain superpowers trade by people’s fate seeking freedom. A striking example of such double standards is the modern conflict in Europe caused by the desire of Ukraine to obtain the status of association with the EU. Russian military aggression against Ukraine showed disrespect for international laws and infringes on the freedom, sovereignty and territory of independent, recently brotherly country. One of the reasons for Russia's aggression is its traditional movement to the west, based on the Eurasian ideology that threatens the existence of not only democracy and freedom, but also nations. Russian aggression confirmed almost 800-year-old division between two civilizations - the Eurasian (Russian) and Eastern Slavic Belarusian-Ukrainian. Of those countries that guarantee the security and sovereignty of Ukraine (Russia, U.S., UK), Russia violated international agreement while the United States and Great Britain were bankrupt because they could not deliver on their responsibilities. Thus, even in our time a national freedom might be threatened by means of weapons. Chechnya, Georgia, and Ukraine – what is next and when?

It seems that the role of nations or nation-states will not decrease, despite the trend towards supranational entities (European Union, Customs Union, and other unions). Events that happened in Yugoslavia and those are now taking place in Ukraine (November 2013 - March 2014) show that the process of nation-building continues even in the late 20th and early 21st centuries. There is a belief that in the future a nation-building in Belarus and in other post-Soviet countries (Kazakhstan, Latvia) will also be completed. To a large extent this will depend on the balance of positive and negative factors which may affect the strengthening of national freedom (Table 3). Among the strongest positive influence factors are the possibility of modern nation-building and the activities of national elite, among the negative ones - low level of political culture, non-supporting of Belarusian language by the government, the threat of possible aggression, religion. Belarusians intolerance towards people of other races, religions, behavior belongs to negative influence factors as well. It would seemed that the absence of European mentality in that sense is a good sign for a healthy nationalism, since nationalism-patriotism in such a situation could have an advantage over global processes, however, a disrespect for freedom of some categories of people could not contribute to the strengthening of national freedom.

Attitude of Belarusians to freedom characterized by uncertainty due to the lack of political culture and traditions of Russian and Soviet legacy; public support for the ideas of democracy is combined with a positive attitude to an authoritarian management style.

Only aware of the presence of civil liberties and using political freedoms a person can grasp the significance of national freedom. We can assume that there is a hierarchy of freedoms (individual - political - national); basic freedoms are individual freedoms and rights. Substitution of civil liberties by human socio-economic rights, along with a lack of political culture and traditions interrupts the achievement of nation freedom, as it leads to the loss of national pride and an unwillingness to maintain the old history and culture and to a nihilistic attitude toward their nation and its freedom. Level of political rights and freedoms and national freedom is the level of the active work of the national elites. However, the conditions for such work in Belarus are unfavorable.

The balance of positive and negative forces in Belarus, according to our five-point scale calculations, directed to the negative part. The key factors that can change the balance towards positive direction are primarily internal factors, namely the understanding of the importance of strengthening of national freedom by population, entrepreneurs, and the state leadership. Among the strongest negative factor that would need to be reduced or eliminated, is the threat of occupation, however, with the understanding that “awakens” among Western democracies, it is a hope, that the negative influence of this factor can be removed in favor of small peoples and nations. Together with the increased role of other positive factors that would significantly change the motion of the Belarusians to the national freedom.





 

Яндекс.Метрика