на головну сторінку незалежний культурологічний часопис <Ї>

   www.ji-magazine.lviv.ua
 

Тарас Вазьняк: Галічына сёньня

Калі пачынаецца гаворка пра Галічыну, то й украінцам, і палякам, і габрэям як правіла на памяць прыходзіць стары “аўстрыйскі” міф Галічыны – Марыя Тэрэзія, Франц-Ёсіф, рэвалюцыя 1848 года, BelleEpoqueЛьвова – пабудова Унівэрсітэта, Політэхнікі, Опэры, Вакзала, касьцёла Эльжбэты і г.д. Што праўда, кожны з народаў уносіць у гэты міф сваю карэктуру.

Палякі і справядліва, і крыху празмерна падкрэсьліваюць ролю Кракава – Matecznikapolskości. А Львоў трактуюць як каралеўскі горад – зьвязваючы з Казімірам ІІІ.

Украінцы і справядліва, і ў якасьці “адказу” настойваюць на “княскім горадзе Льва”. Праўда дагэтуль блытаюцца ў тытулатурах галіцкіх валадароў – тых самых валадароў тытулуюць то князямі, то каралямі. Абмінаючы пры гэтым юных вугорскіх каралевічаў, якія сядзелі на стальцы яшчэ ў Галічы. Разабрацца ва ўсіх гэтых Каралях Данілах, Львах, Каламанах, Казімірах паспалітаму чалавеку цяжка.

А вось габрэі будуюць сваю галіцкую ідэнтычнасьць хутчэй на славутых цадзіках, цэлай нізцы бліскучых рознамоўных пісьменьнікаў – ад ідзішысцкага Шалом Алейхэма (Шалом Рабіновіч, 1859-1916), праз нямецкамоўнага Ёсіфа Рота (MosesJosephRoth, 1894-1939) і польскамоўнага Бруна Шульца (BrunoSchulz, 1892-1942) да караля іўрыта Шмуэля Ёсіфа Агнона (Шмуэль Йосеф Галеви Чачкес, 1888-1970). Ну і, зразумела, паходжаньня родаў Зыгмунта Фройда (SigmundFreud, 1856-1939) і нават Карла Маркса (KarlHeinrichMarx, 1818-1883).

Тобок у пэўны момант стары “аўстрыйскі” міф Галічыны расшчэпліваецца на тры паасобныя міфалагічныя наратывы. Яны выразна ўкладаюцца ў вялікія нацыянальныя міфы – надыходзіць стагоддзе нацыяналізмаў – ХХ стагоддзе.

Народы абуджаюцца. І гэтае абуджэньне часта дае плён гэкатомбамі і нацыянальнымі трагедыямі.

Сытуацыю ўскладняе яшчэ й тое, што на нацыяналізмы накладаюцца вялікія сацыяльныя ўтопіі – сацыялістычная, камуністычная, нацыянал-сацыялістычная.

Віхор гэтых утопій выносіць у нябыцьцё фрагмэнты галіцкага соцыюму.

Нацызм практычна ўшчэнт знішчвае спэцыфічнае галіцкае габрэйства. Застаюцца літаральна самотныя людзі – як з савецкага, так і з польскага боку мяжы. Калі ў “савецкую Галічыну” – чатыры, а потым тры савецкія вобласьці (Львоўскую, Драгобыцкую, Станіславаўскую, Цярнопальскую) і прыязджае нейкая колькасьць габрэяў – то гэта цалкам іншыя людзі, з іншых рэгіёнаў, а да таго ж гэта людзі “савецкія”.

Польска-украінскі этнічны канфлікт, а па сутнасьці вайна, 1943-1945 гг. і “обмен населением” паміж СССР і ПНР амаль не пакідаюць нічога ад калісьці квітнеючага польскага жыцьця ва ўсходняй частцы “старой добрай” Галічыны.

Габсбургскі міф разьвейваецца. Надоўга разьвейваецца – практычна амаль на ўвесь “савецкі” пэрыяд.

У савецкім лягеры ў Галічыну прыязджае немалая колькасьць людзей зусім новых – расейцаў з цэнтральнай Расеі, усходніх украінцаў. На пачатку 1950-х гадоў у Львове этнічную большасьць складаюць расейцы. І толькі на пачатку 1960-х у гарады ў Галічыне вяртаюцца заходнія ўкраінцы – гарады выразна ўкраінізуюцца – людзі вяртаюцца з сталінскіх лягяроў, ссылкі, высяленьня, перасяленьня – форм дэпартацый было безліч.

На канец 1970-х гадоў украінская Галічына кангчаткова набывае свой сёньняшні кшталт. Нават распад СССР не прывёў да нейкай масавай зьмены структуры насельніцтва.

Аднак усё папярэдне акрэсьленае не адлюстроўвае таго, чым была ўкраінская частка Галічыны і чым яна ёсьць да сёньня. Відавочна, йдзецца пра ўкраінскі наратыў Галічыны – адмыслова не пішу пра тэрыторыі – яны ня маюць ажно такіх цьвёрдых межаў, як наратывы. Польскі наратыў пакрывае сабою тыя самыя тэрыторыі. Габрэйскі – таксама. Балазе ў гэтым тэксьце я буду казаць хутчэй пра наратыў – наратыў украінскі.

Вядома, што ўкраінскі наратыў шукае сваех “асноваў” у віртуальнай даўніне – княскай, каралеўскай, казацкай. Аднак сучасны ўкраінскі галіцкі наратыў пачынае фармавацца з украінскім нацыянальным абуджэньнем – Маркіянам Шашкевічам, Іванам Франком.

З прычыны немагчымасьці арганізацыі ўкраінскага культурнага жыцьця ў падрасейскай Украіне, у Расейскай імпэрыі, Усходняя Галічына, якая была ў рамках Аўстра-Вугорскай імпэрыі, стварыла першы міф украінскага галіцкага П’емонта, зь якога распачнецца ўкраінскае нацыянальнае адраджэньне. І ў нейкай ступені гэта сталася праўдай.

Аднак яно крышталізуецца ўжо на пачатку ХХ стагоддзя. У яго ўплятаюцца міфы ўкраінскіх вызвольных змаганьняў Заходнеўкраінскай народнай Рэспублікі 1919-1923 гг., Украінскага січавога стралецтва, “Лістападаўскага ўздыму” у Львове 1 лістапада 1919 года. Потым ва ўкраінскі галіцкі наратыў – падабаецца гэта каму ці не – моцна ўваходзіць міф украінскага нацыяналізма і яго барацьбы за незалежнасьць Украіны. Да сіня-жоўтага нацыянальнага сьцягу моцна дадаецца рэвалюцыйны чырвона-чорны. Вядома, што гаворка йдзе пра менавіта ўкраінскі галіцкі наратыў, які ствараўся ў канфлікце з польскім наратывам. Пра польскі наратыў цяжка сказаць, што ён быў “галіцкім” ці меў выразную “галіцкую” асаблівасьць. А вось ва Украіне ўтварылася менавіта “галіцкая” разнастайнасьць украінскага наратыва з вельмі выразнымі і жорсткімі абрысамі. Менавіта ён і сфармаваў сучасную Галічыну – Галічыну, якая 23 гады ўжо ёсьць у незалежнай Украіне.

Пабочныя назіральнікі часта ня бачаць гэтай галіцкай спэцыфікі. А сучасная ўкраінская Галічына (ну, можа часткова з блізкімі Валыньню і Букавінай) у яе сутыкненьні і з міжваеннай Польшчай, і з сталінскім рэжымам у СССР ўтварыла сваё выразнае бачаньне Украіны і Галічыны як аднаго з кутніх камянёў будучай незалежнай Украіны.

Часткова гэтае выразнае бачаньне мяжуе з міфам. Аднак у значнай меры яно мае пад сабою цьвёрды, амаль каменны грунт.

Сьвядомасьць і мэнтальнасьць галіцкіх украінцаў у ХХ стагоддзі рэзка крышталізавалася. Адбылося ня толькі мяккае нацыянальнае абуджэньне галіцкіх русінаў, а менавіта крышталізацыя нацыянальнай тоеснасьці. Напэўна гэтаму спрыяла параза ўкраінскіх вызвольных змаганьняў 1920-х гадоў, якую спачатку галіцкія ўкраінцы ўспрынялі як нацыянальную трагедыю, але потым трансфармавалі ў мабілізацыйны рэсурс. У нейкай ступені ўкраінскі галіцкі наратыў быў люстраным адбіткам такога ж польскага міжваеннага наратыву. Галіцкія ўкраінцы ў значнай ступені паўтаралі тое, што рабілі палякі або чэхі – пачынаючы з інстытуцый, заканчваючы рыторыкай. Два міжваенных дзесяцігоддзя ў Галічыне йшло адкрытае і выразна польска-украінскае супрацьстаяньне. Хаця было і суіснаваньне, вядома – немагчыма ўсё так драматызаваць.

Гэты працэс мабілізацыі галіцкіх украінцаў і канчатковага ператварэньня іх з галіцкіх русінаў ва ўкранцаў завяршыўся гіпэрмабілізацыяй у рамках рухаў 1940-1950 гг. У гэтым руху было шмат памылак і нават злачынстваў. Аднак гэта не адмяняе таго факта, што менавіта ён сфармаваў скрайне жорсткую, галіцкую форму ўкраінскай тоеснасьці. Яе не зламілі і сталінскя рэпрэсіі – і гэта не мэтафара, а факт.

Так ўтварыўся другі міф украінскага галіцкага П’емонта.

Таксама й сёньня, ужо ў незалежнай Украіне менавіта галічане і валыняне былі і ёсьць галоўным мабілізацыйным рэсурсам нацыянальнай “рэканкісты” і Памаранчавага Майдана 2004 года, і ЭўраМайдана 2013-2014 гг.

Бяз гэтага экскурса ў гісторыю менавіта ХХ стагоддзя ў Галічыне немагчыма зразумець таго, чым ёсьць сучасная Галічына – і для Украіны, і для самой сабе. Хаця яшчэ раз лічу неабходным заявіць – гісторыя Галічыны ХХ стагоддзя, як яе бачаць украінцы, падабаецца гэта камусьці альбо не – бо мы вядзем гаворку не пра “факты”, а пра наратыў. Не пра гэта йдзецца. Таксама, як ня йдзецца і пра тое, “хто меў ва ўсёй гэтай гісторыі рацыю, а хто не”. Гаворка йдзецца пра генэзіс украінскага галіцкага наратыва, які на дзесяцігоддзі запраграмаваў шмат падзей, што адбыліся пасьля таго, як ён паўстаў. Нельга мець ніякага сумніву – сучасны галіцкі наратыў будзе дэтэрмінаваць разьвіцьцё сучаснай Галічыны і нават істотна ўплываць на разьвіцьцё Украіны яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Зноў жа – падабаецца гэта мяне ці камусьці іншаму, альбо не.

Здабыцьцё незалежнасьці застала вельмі разнастайную Украіну. У нечым яна нагадвала міжваенную Польшчу – можа толькі ва Украіне меншымі ёсьць нацыянальныя меншасьці. У сваю чаргу Польшча амаль ня ведала зьявы масавага непольскамоўнага этнічна польскага насельніцтва.

Галічына была адным з цэнтраў, зь якога йшлі імпульсы, што ўрэшце расхісталі і зруйнавалі СССР. Вядома, нельга перабольшваць яе значэньня. СССР разваліўся з больш істотных прычын – эканамічнай няздольнасьці, неканкурэтназдатнасьці і г.д. Аднак непасрэдна “расхіствалі” СССР ўсяго толькі некалькі рэгіёнаў – уласна Масква (цяпер гэта гучыць дзіўна), краіны Балтыі – Летува, Латвія, Эстонія -- Галічына, Закаўказьзе. Ва ўнісон з Галічыной і часткова Валыньню сытуацыю расхістваў Кіеў. Потым, вядома, эпіцэнтар падзей быў у Кіеві – аднак пры прыкметным удзеле ўласна галічан.

Менавіта тады паўстаў станавы хрыбет сучаснай незалежнай Украіны, які палягаў у хаўрусе Кіева і Галічыны. Пры гэтым, зразумела, ня сьлед упадаць ў ня надта апраўданую галічынаманію. Іншыя рэгіёны таксама істотна далучыліся да стварэньня ўкраінскасьці незалежнай Украіны – бо яшчэ доўга яна была постсавецкім тэрытарыяльным утварэньнем. Далучаліся й іншыя рэгіёны. Аднак тандэм Кіева і Львова з году ў год мацнеў і станавіўся ўсё больш відавочным.

Галічыну на прыканцы 1980-х, на пачатку 1990-х гг. апанаваў масавы нацыянальна-дэмакратычны энтузіязм. Тут варта зрабіць акцэнт менавіта на дэмакратычным кампанэнце гэтых масавых рухаў. У Галічыне, яшчэ да распада СССР, народ першым пачаў пераабіраць ворганы ўлады – абласныя, гарадзкія, раённыя рады, выканаўчыя камітэты розных узроўняў. Потым дэмакратычна абраныя абласныя рады трох галіцкім вобласьцяў – Львоўская, Івана-Франкоўская і Цярнопальская – утварылі нешта накшталт рэгіянальнага парляманту – Галіцкую асамблею. У нейкай ступені гэта паўтарала ўтварэньне Заходнеўкраінскай народнай рэспублікі. Да гэтага аб’яднаньня былі гатовыя прыяднацца абласныя рады іншых, не галіцкіх, заходніх вобласьцяў. Гэта не на жарт напалохала і марыянэткавы ўрад у Кіеве, цэнтральную ўладу ў СССР.

Так ужо напярэдадні здабыцьця незалежнасьці Галічына стварыла трэці міф украінскага галіцкага П’емонта.

Аднак пасьля здабыцьця Украінай незалежнасьці цэнтар палітычнага жыцьця і прыняцьця рашэньняў рэзка перасунуўся ў Кіеў. Галічына ў значнай ступені пачала ператварацца ў правінцыю. Ва Украіне за прэзыдэнтаў Леаніда Краўчука і Леаніда Кучмы адбываўся вялікі перадзел былой дзяржаўнай маёмасьці, ствараліся першыя неверагодныя маёнткі. Галічына была крыху ў баку ад гэтага працэса. З прычыны структуры яе эканомікі і яе мэнтальных арыентацый. Таксама ня надта яна брала ўдзел і ў палітычным жыцьці краіны – 6 млн. насельніцтва ў 48-мільённай Украіне ўсё ж былі меншасьцю. У выніку да 2000 года ва Украіне была пабудавана алігархічная дзяржава, якой кіравала некалькі алігархічных сем’яў начале з прэзыдэнтам Леанідам Кучмай.

Аднак ва Украіне на той час пачаў стварацца сярэдні клас. І яго галоўнымі базамі былі зноў жа Галічына, Валынь, Букавіна і Кіеў. Супрацьстаяньне алігархаў і сярэдняга класа набыло выбухову форму ў Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года. Роля Галічыны ў тых падзеях была вельмі прыкметнай. І ня толькі ў Кіеве, але і “у тыле” – у Львове, Івана-Франкоўску і Цярнопалі – там была база Памаранчавага Майдана 2004 года.

Але Памаранчавы Майдан скончыўся, як скончыўся – расчараваньне прывяло да контррэвалюцыі, якая на чатыры гады адкінула Украіну назад. У нейкай ступені гэта нагадвала пачатак 1920-х гг, калі галічане адчулі сябе разбітымі. На чатыры гады настала фрустрацыя, якая таксама як і ў 1930-х пачала трансфармавацца ў жорсткі супраціў рэжыму. Увесну-увосень 2013 г. у Львове ці не на кожным кроку арганізоўваліся лакальныя напоўпадпольныя таварыствы, ішлі зацятыя дыскусіі – “што рабіць”. У паветры зноў запахла супрацівам. Відавочна, што даваўся ў знакі той самы галіцкі наратыў.

Міфалагічная прырода гэтага наратыву, акрэм добрага плёну, спарадзіла і масу дэвіацый – як ад спробаў адрадзіць нацыяналістычныя практыкі 1930-х гадоў у сучаснай Гілічыне. І месцамі гэта дало адчувальныя электаральныя набыткі дэмагогам, якія стылізаваліся пад 30-я гады.

Аднак плённым быў сам дыскурс супраціву.

І ён выбухнуў на прыканцы лістапада 2013 года, калі прэзыдэнт Януковіч адмовіўся падпісваць Пагадненьне аб асацыяцыі Украіны і Эўразьвязу.

Спачатку гэта быў студэнцкі пратэст, у якім брала ўдзел значная колькасьць студэнтаў з Галічыны – хаця не дамінуючая. Гэта быў Эўрамайдан.

Пасьля таго, як іх жорстка разагналі, узьнялася значная частка краіны – і пачалося з Кіева і Галічыны з Валыньню. Станавы хрыбет незалежнай Украіны паўстаў супраць рэжыма. Пачаўся Майдан Годнасьці, які перарос ва Украінскую нацыянальную рэвалюцыю 2014 года. І зноў тылам рэвалюцыі ў яе самыя цяжкія моманты стала Галічына.

Памаранчавы Майдан 2004 года і майдан 2014 года стварылі чацьверты міф украінскага галіцкага П’емонта – моцнага тылу ўкраінскай дзяржаўнасьці.

Ці ўсе гэтыя міфы ёсьць толькі міфамі? Зусім не. Так, у іх шмат перабольшваньняў, ня ўсё карэлюецца з фактамі, шмат рэчаў ацэначных і нават эмацыйных. Часам надта шмат галіцкага снабізма і гларыфікацыі. Даходзіць нават да дэманізацыі галічан і галічанства – спрытныя палітычныя маніпулятары з Масквы імі палохаюць жыхароў паўднёва-усходняй Украіны. І часта гэта ўдаецца – галічан прадстаўляюць ня толькі “страшнымі”, “праамэрыканскімі”, “праэўрапейскімі”, але й неймаверна моцнымі, амаль супэрмэнамі, “якія прыйдуць і нешта неймавернае зробяць, а таму ад іх трэба ратавацца”. Менавіта такой была дэмагагічная рыторыка Пуціна, калі ён анэксаваў Крым. Нават у сваёй троннай прамове ў Георгіеўскай зале ў Крамлі з нагоды “уключэньня” Крыму ў Расейскую Фэдэрацыю ён ня мог не згадаць пра галічын, зьвёўшы іх да “страшных бандэраўцаў”, якім ён не аддасьць Крым. Магчыма гэта і быў апафэоз галіцкай велічы. – у апошні момант “цар Усея Русі” выратаваў ад іх Крым.

Над гэтым гістарычным казусам або грымасай можна іранізаваць, аднак, выяўляецца, нягледзячы на ўсе сьвядомыя маніпуляцыі Пуціна, што ўкраінскі галіцкі наратыў выявіўся не кабінэтнай канструкцыяй, не прыдумкамі карштукаватых галіцкіх снобаў, а надзіва эфэктыўнай зброяй, якая эфэктыўна дзейнічае ў жывой гісторыі.

Мадэрновы ўкраінскі галіцкі наратыў ня зводзіцца да народніцтва ХІХ стагоддзя, хаця ён зь яго выйшаў.

Мадэрновы ўкраінскі галіцкі наратыў ня зводзіцца да нацыяналізма ХХ стагоддзя, хаця ён у значнай ступені далучыўся да яго стварэньня.

Мадэрновы ўкраінскі наратыў сёньня надзвычай жывы. Ён знайшоў новыя дэмакратычныя і амаль касмапалітычныя формы. Так, усё яшчэ ёсьць палітычныя спэкулянты, якія культывуюць вызыск старых і ўжо замшэлых нацыяналістычных трэндаў. Аднак найласкавай рысай сучаснай Галічыны ёсьць тое, што ў ёй, як у горане, паўстае найноўшая, калі хочаце – постмадэрновая, украінская галіцкая тоеснасьць.

Мы пішам – “украінская галіцкая” – бо яна сапраўды ёсьць і ўкраінскаю, і галіцкаю. І ў сваім “галічанстве” яна, вядома, адрозьніваецца ад іншых рэгіёнаў. Там таксама ствараюцца свае цікавыя тоеснасьці – як у Закарпацьці або Букавіне.

У нейкай ступені гэтыя тоеснасьці канкурыруюць адна з адной, у нейкай ступені дапаўняюць. У дадзеным опусе мы зьвярнулі ўвагу на самыя грунтоўныя трэнды. Іх можна разьвіваць, паказваць ня толькі палітычны або грамадзкі складнік – як у гэтым тэксьце.

Вельмі цікавым ёсьць культурны і духоўны складнік.

Галічына канфэсійна адасоблены рэгіён Украіны. Пераважная бальшыня вернікаў належыць да Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Узровень рэлігійнасьці галічан, і рэальнай і абрадавай, на парадак вышэй, чым у іншых рэгіёнах Украіны. Узровень духоўнай і рэлігійнай адкрытасьці ў сьвет, у тым ліку і рэлігійны сьвет, таксама на парадкі вышэй. І гэтая адкрытасьць мае як традыцыйную прыроду, так і інстытуцыйныя асновы – як, напрыклад, украінскі каталіцкі ўнівэрсітэт у Львове.

Што тычыцца культурнага складніка, то безумоўным стылістычным трэндам апошняга дзесяцігоддзя сталася менавіта галічанства. У Львове, Івана-Франкоўску і Цярнопалі культывуецца ўсё галіцкае. Нават Чарнаўцы, якія ў казачныя часы Гасбсбургаў таксама некалі ўваходзілі ў Галічыну, часам маюць галіцкія сэнтымэнты – прынамсі ў стылістыцы шынкоў.

Аднак акрэм куртуазна-кавярнага галічанства зьявілася і больш сур’ёзная тэндэнцыя. І палягае яна ў рэ-канструкцыі ўсё той жа “казачнай аўстрыйскай Галічыны” (Галічыну можна мяняць на Львоў, Каламыю, Драгобыч ці нават Балэхіў).

Калі Галічыну “вытрыбушылі, як рыбу”, яна не магла не пачаць задыхацца. Адмыслова ўжываю гэтае брутальнае параўнаньне – тое, што зрабілі з гэтым поліэтнічным, полікультурным, полірэлігійным краем у жорсткім ХХ стагоддзі, інакш назваць немагчыма. Па сутнасьці Галічыну пазбавілі яе існасьці – усяе яе чароўнасьці і арыгінальнасьці. Для края, што б пра гэта ня думалі тыя ці іншыя патрыёты, гэта была жахлівая траўма. Праз 70 гадоў пасьля яе яна ўжо ня так баліць. Адышлі людзі, якія яе перажылі. Засталіся адно сьведчаньні гэтага шока ў тэкстах Станіслава Лема (StanisławLem, 1921-2006) або Збігнева Гэрбэрта (ZbigniewHerbert, 1924-1998), Паўля Цэлана (PaulCelan, PaulAncel, 1920-1970) або Розы Аўслэндэр (RoseAusländer, RosalieBeatriceScherzer, 1901-1988). Але таксама Юркі Андруховіча і Юркі Віннічука.

І да цяперашніх львавян, станіславаўцаў і драгобычцаў пачало даходзіць, што ў гэтых архітэктанічных прасторах, у якіх яны ўжо нарадзіліся і пражылі ўсё сваё жыцьцё, ёсьць пэўныя пустоты, пэўныя нішы, пэўныя сінкопы. Што кагосьці зь імі няма. Контуры гэтых “кагосьці” паступова пачалі акрэсьлівацца з прычыны замоўчваньня, з прычыны простага няведаньня. У больш спакойныя часы, калі ўжо даўно прамінуў боль ад дэпартацый, рэпрэсій, ганеньняў, ёсьць больш часу і схільнасьці ўзяць проста крэйду і абвесьці на сьцяне ці падлозе контуры гэтай “замоўчанай фігуры”, якая заўжды была побач з намі.

Аднак завершым гэтае паэтычнае адступленьне – ва ўкраінскай галіцкай супольнасьці ў часы незалежнасьці нарадзілася і расквітнела праблема рэ-канструкцыі ўсяго без выключэньня культурнага ландшафта Галічыны – у ейных лакальных іпастасях, вядома.

Так, вярнуць польскі, нямецкі, габрэйскі або чэшскі люд немагчыма. Але ж нехта павінен пільнаваць іхнюю галіцкую культурную спадчыну. Хто? Нікога, акрэм цяперашніх львавян, цярнопальцаў і каламыйцаў, у цяперашняй Галічыне няма. Таму і адказ будзе адназначны: у першую чаргу адказнымі за габрэйскую, польскую, аўстрыйскую культурную спадчыну ў Галічыне зьяўляемся мы. Так, ёсьць малыя нацыянальныя суполкі і таварыствы. Але гэта ім не пад сілу. А з іншага боку – гэтая спадчына патрэбная менавіта цяперашнім галічанам. Таму ў Галічыне ў апошнія дзесяцігоддзі мы й назіраем своеасаблівы працэс усьведамленьня галіцкай грамадой сваёй адказнасьці ня толькі за ўкраінскую Галічыну, але й за габрэйскую і польскую.

Вядома, што так могуць паводзіць сябе толькі людзі, якія ўжо не баяцца за “сваё” – тобок людзі вольныя. І ў гэтым сэнсе сучасная Галічына мае вялізны рэсурс. Прычым рэсурс ня толькі рэтраспэктыўны – рэ-канструяваная Галічына рэфлектуе ў новай галіцкай культуры – зноўку варта згадаць і Тараса Прахаська, і Юрку Андруховіча, і Юрку Віннічука, і Астапа Слівінськага, але й нізку бліскучых перакладчыкаў, як, напрыклад, Андрій Паўлішын або Юрка Прахаська – пералік можа быць вялізны. Усе яны ствараюць найноўшую культуру Галічыны ў кантэксьце яе рэ-канструкцыі. І мы таксама ў Незалежным культуралагічным часопісе “Ї” вось ужо чвэрць стагоддзя гэтаму служым.

Па сутнасьці пасьля шульцаўскай “завірухі” яны ад-будоўваюць стары галіцкі дом.

Тарас Возняк. Галичина сьогодні. – Незалежный культурологічний часопис “Ї”, 2014, №78.

Пераклаў з украінскай Валеры Буйвал.

 

Тарас Вазьняк (нар. 1957) – украінскі культуролаг, палітолаг, галоўны рэдактар і заснавальнік Незалежнага культуралагічнага часопіса “Ї” (Львоў).

 

Тарас Вазьняк

Тарас Вазьняк

 

https://pieramoha.org/artykuly/taras-vazniak-haliczyna-sionnia

 

 





 

Яндекс.Метрика